Мы паведамлялі, што 28 снежня на выязным пасяджэнні ў часці 25886 суд Баранавіцкага раёна і Баранавіч прысудзіў прапаршчыка Яўгена Д. да 3 гадоў калоніі і штрафу 2450 рублёў за збіццё двух салдат.
Ілюстрацыйнае фота
Як вядома «Нашай Ніве», гэта той самы прапаршчык, які ў момант затрымання па гэтай справе выдаў следчым факт таго, што з ваеннай часці выносяцца гранаты, аўтаматы і пісталеты.
Суд пацвердзіў выкладзеныя намі факты, што прапаршчык быў нападпітку.
Нагадаем, што пры канцы чэрвеня згаданага прапаршчыка п'яным затрымалі пасля таго, як ён пабіў салдат тэрміновай службы.
Старшыной роты 8-й брыгады вайсковай часці 29969 (супрацьпаветраныя войскі) Яўген Д. служыў на той момант нядаўна, пару месяцаў.
Гэта быў былы спецназавец з Мар'інай Горкі, і хаця ў Баранавічах ён расказваў, што перавялі яго па стане здароўя, гэта няпраўда — развітацца з ССА яму давялося праз клінічную агрэсію — некалькі разоў ён быў замешаны ў бойках.
Апошняй кропляй для кіраўніцтва 5-й брыгады стала тое, што ён зламаў нагу нейкаму чалавеку на вуліцы. За гэта яго адправілі служыць у баранавіцкую часць «для залётных» — такая рэпутацыя ў «васьмёркі».
І вось зноў старыя памылкі — нападпітку старшына збівае двух салдат у Баранавічах, — і гэта пасля «коржычаўскіх» разносаў у войску!
У новай часці яму гэта не даруецца і, ужо едучы, затрыманым, у машыне камендатуры, ягоны напалоханы мозг знаходзіць выратаванне — затрыманы выпадкова апраўдваецца: «А чаму вы ўвогуле на мне адрываецеся? У вас тут у часці і без мяне дупа». І гэтым дае старт касмічнай па сваім абсурдзе крымінальнай справе.
Ён выдаў следчым, што са складу дзясяткамі выносяцца аўтаматы і пісталеты.