Прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева прызналі, што ў іх не было адзінага плана правядзення пратэстаў 19 снежня 2010 года. Пра гэта яны заявілі 19 снежня на пасяджэнні круглага стала ў Мінску, прысвечанага гадавіне прэзідэнцкіх выбараў.

Міхаіл Пашкевіч, прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду!», лідарам якой з’яўляцца Някляеў, сказаў, што канцэнтраваць увагу на акцыях пратэсту, у прыватнасці на выхад людзей на плошчу, было стратэгічнай памылкай.

«Нельга было рабіць з акцыі пратэсту нейкі сакральны міфічны цэнтр, які вырашыць усё.

Аднак гэта памылка была зроблена, і ўжо за два месяцы да заканчэння выбарчай кампаніі ўсе кандыдаты заклікалі людзей на плошчу, замест таго каб змагацца за перамогу на прэзідэнцкіх выбарах»,
— зазначыў Пашкевіч.

Паводле яго слоў, усе дэмакратычная кандыдаты не мелі дакладнага плана, што рабіць на плошчы пасля абвяшчэння вынікаў выбараў. «План кампаніі «Гавары праўду!» на плошчы складаўся з некалькіх звёнаў. Першым з іх было правядзенне канцэрта на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 19 снежня. Тым не менш, з-за прычын, якія ад нас не залежалі, гэта не адбылося, і ўвесь сцэнарый быў разбураны», — сказаў Пашкевіч.

У адказ на гэта Віктар Івашкевіч, член выбарчага штаба Андрэя Саннікава, заявіў,

што іх фармат правядзення пратэстаў прадугледжваў нарошчванне колькасці людзей у цэнтры Мінска, і неабавязкова на Кастрычніцкай плошчы.
«У тым ліку наш сцэнарый падразумяваў і збор людзей на плошчы Незалежнасці каля Дома ўрада», — сказаў Івашкевіч.

Паводле яго слоў,

задачай каманды Саннікава было не даць выйграць выбары Аляксандру Лукашэнку і дабіцца другога тура.
«Першую частку мы фактычна ажыццявілі. Лукашэнка і ў міжнародным плане, і ў вачах людзей не з’яўляецца законна выбраным прэзідэнтам. Тое, што мы не дабіліся другога тура, наша памылка», — заявіў Івашкевіч.

Варта зазначыць, што падчас прэзідэнцкіх выбараў Саннікаў і Някляеў заключылі пагадненне аб сумесных дзеяннях у межах выбарчай кампаніі і неаднаразова праводзілі агульныя акцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?