Размовы пра тое, што ў хуткім часе з хрэстаматый па беларускай літаратуры знікне творчасць народных паэтаў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, а таксама Уладзіміра Някляева, Сяргея Законнікава і іншых пісьменнікаў, «нелаяльных» да ўладаў — як хранічная хвароба: заўсёды з табой і часам абвастраюцца.

Чарговае абвастрэнне чутак адбылося дзевятага лютага: з кампетэнтных крыніц стала вядома, што ў старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца на стале ўжо ляжыць аркуш з прозвішчамі тых, каму не месца ў айчыннай літаратуры ХХ стагоддзя.

Паэт Генадзь Бураўкін звязвае гэта са скаргамі на старыя падручнікі, што рассылаў «па інстанцыях» афіцыёзны празаік Георгій Марчук. Маўляў, не так яны распавядаюць пра сучасную беларускую літаратуру, як трэба.

Генадзь Бураўкін: «Такія чуткі хадзілі, таксама як ходзяць чуткі, што ў школьныя праграмы па рускай літаратуры — кажуць нават пра дзве гадзіны — ўведзена вывучэнне творчасці Мікалая Іванавіча Чаргінца…»

Меркаваны перадзел навучальных праграм і старонак хрэстаматый, безумоўна, звязаны са зменай улады, што нядаўна адбылася ў беларускай літаратуры. Праўда, сам Мікалай Чаргінец, старшыня праўладнай пісьменніцкай арганізацыі, свой удзел у рэдагаванні хрэстаматый адмаўляе.

Мікалай Карняйчук: «Ці ёсць такая верагоднасць, што прозвішчы Барадулін, Гілевіч, Някляеў, Законнікаў знікнуць у наступным годзе са школьных хрэстаматыяў?»

Мікалай Чаргінец: «Па шчырасці, вы задаеце пытанне, якім я не займаюся. Мне не да яго і не да хрэстаматый, і не да таго, каго там і як рыхтуюць… Я супраць таго, каб выключалі па ацэнкам «наш ці не наш».

Толькі наколькі гэты чалавек і яго твор адпавядае духу сённяшняга дню. Навошта выключаць, калі пісьменнік добра піша, калі людзі чытаюць? Няхай выдаюць!»

Пра прынцып «свой‑чужы» Мікалай Іванавіч згадаў адразу — сам, без маёй падказкі. Вядома ж, афіцыйна кіравацца ім пры рэдагаванні хрэстаматый нельга, як бы ні хацелася. Зусім іншая справа — выключаць з навучальных праграм тых пісьменнікаў, якія не адпавядаюць ім па якасці.

А пакрыўдзіць мастака, як вядома, можа кожны, і хто менавіта з крытыкаў будзе гэта рабіць — непрынцыпова. Паэт Генадзь Бураўкін прыводзіць свежы прыклад таго, як беларуская літаратура можа абыходзіцца без некаторых сваіх прадстаўнікоў і, між іншым, без лаўрэата Дзяржпрэміі БССР Генадзя Бураўкіна.

Генадзь Бураўкін: «Нядаўна, на кніжным кірмашы, які цяпер працуе ў Мінску, паявілася шыкоўна выдадзеная кніга «Мама, маці, матуля». Там няма вершаў Рыгора Барадуліна, няма вершаў Ніла Гілевіча, хаця яны — народныя паэты, адзіныя жывыя ў Беларусі!

Там няма вершаў Уладзіміра Някляева, там няма вершаў Сяргея Законнікава. Там няма, між іншым, маіх вершаў. Хаця на вокладцы надрукаваныя мае словы!

У мяне ёсць песня пра маці, якая, дарэчы, пакуль што яшчэ вывучаецца ў школе. І ў гэтай песне ёсць радкі «Маці, мама, матуля // Дарагая мая!»

Складаннем зборніка, пра які распавядаў Генадзь Бураўкін, займаўся «свой у даску» паэт Віктар Шніп. Генадзю Мікалаевічу не зразумела, як пасля гэтага Віктар Анатольевіч будзе глядзець у вочы Рыгору Іванавічу і іншым, чые хрэстаматыйныя вершы на самую святую для паэтаў тэму засталіся па‑за старонкамі кніжкі.

Не зразумела, як будуць глядзець у вочы сваім дзецям людзі, якія — за кошт «чужых» пісьменнікаў — скарачаюць праграмы літаратурных спецкурсаў на філфаку БДУ. Праўда гэта хутчэй рытарычныя, чым актуальныя пытанні.

Калі выразна падзяліць літаратурнае жыццё краіны на афіцыйнае і underground, на вочы «не нашых» пісьменнікаў можна будзе дазволіць сабе проста не трапляцца.

Мікалай Карняйчук, belradio.fm

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0