Асьцярожна, бандыты!

 

Эпізод першы.

Ня так даўна на адным з рэчавых рынкаў Беларусі набывала жанчына штаны свайму сыну, хлопчыку 8 гадоў. Прымерылі штаны, усё нармальна, маці задаволеная, стала з прадаўшчыцай гандлявацца. Кірмаш ёсьць кірмаш. Празь некаторы час яны сышліся ў кошце і прадаўшчыцы былі перададзеныя грошы. Усё б добра, аднак падзеі сталі разьвівацца зусім па іншым сцэнары, чым чакалі ўдзельнікі зьдзелкі. Раптам як з-пад зямлі выскачыў мацачок, схапіў прадаўшчыцу за руку і давай яе заломваць, па ўсім было відаць, што рабіць ён гэта ўмее. Жанчыне 50 гадоў, у яе ад болю сьлёзы на вачох выступілі, яна і кажа: «Сынок, што ж ты робіш, ты ж мне руку зломіш!» Забраў мацачок грошы і адразу ж літаральна сарваў са шкаляра набытыя штаны. Жанчына-пакупніца не разумее нічога, думае — проста рабуюць. Шкаляр заплакаў, стаіць у майтках, калоціцца ад страху і ад холаду. Тут дастае мацачок нейкае пасьведчаньне і кажа: «Падаткавы інспэктар, вы зьдзейсьнілі незаконную валютную апэрацыю, тым самым парушылі Дэкрэт Прэзыдэнта». Усе нарэшце зразумелі, у чым справа, аказваецца, гэта не бандыт, а падаткавы інспэктар. Павялі ўдзельніц зьдзелкі ў падаткавую іспэкцыю.

Жанчыне-прадаўшчыцы мацачок так выкруціў руку, што яна потым з тыдзень яе падняць не магла, у падаткавай іспэкцыі ёй «пайшлі насустрач» і выпісалі штраф каля 100 даляраў, а маглі б выпісаць даляраў на 800. Жанчыне-пакупніцы выпісалі штраф і канфіскавалі ўсе даляры, што ў яе з сабой былі, шкаляру давялося абысьціся без штаноў, ён стаў «галоўным» вінаватым незаконнай валютнай апэрацыі.

 

Эпізод другі.

Падыходзіць на рынку жанчына да сваёй знаёмай, тая гандлюе кашулямі, блузкамі і штанамі. Як гэта часта бывае, калі зьбіраюцца дзьве жанчыны, пачалася паміж імі размова пра жыцьцё, пра дзяцей і пра кошты. Адна і кажа: «Гэтая кашуля дарагая, 10 даляраў, гэта сёньня вельмі шмат». Толькі яна гэта сказала, як падскочылі да яе два мужыкі, схапілі за рукі і кажуць: «Вы зьдзейсьнілі незаконную валютную апэрацыю, хадземце з намі». Тая кажа: «Хто вы такія? Я нічога не рабіла, адпусьціце мяне, мне балюча!» Тыя гэта прынялі за супраціў, паднялі куртку, закруцілі над галавой і пацягнулі яе па зямлі. Жанчына крычыць: «Мне балюча! Адпусьціце мяне, я сама пайду!» Пакуль яны яе цягнулі, для «пераканаўчасьці» стукалі па галаве, калі яна падымалася на ногі, яны прафэсійна давалі падсечку. Пасьля таго, як яны волакам прыцягнулі яе ў аддзяленьне міліцыі і абшукалі, высьветлілася, што аніякіх фінансаў у жанчыны няма. Жанчына зразумела, што супрацоўнікі фінансавай міліцыі затрымалі яе нібыта за незаконную валютную апэрацыю і пачала задаваць пытаньні: «Чаму вы мяне зьбілі?» На наступны дзень жанчына зьвярнулася да судмэдэкспэрта дзеля таго, каб той засьведчыў пабоі, што і было зроблена. Судмэдэкспэрт засьведчыў: на руках і на целе жанчыны больш за 15 крывападцёкаў.

Была пададзена скарга ў пракуратуру і ў іншыя інстанцыі на дзеяньні супрацоўнікаў фінансавай міліцыі. Празь некаторы час быў атрыманы адказ, што дзеяньні супрацоўнікаў фінансавай міліцыі былі правамоцнымі!

 

Эпізод трэці.

Стаіць на рынку і гандлюе маладая прыгожая жанчына, падыходзіць да яе супрацоўнік аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ) і пачынае правяраць дакумэнты (сэртыфікаты, пасьведчаньні, накладныя і г.д.), натуральна, знайшоў да чаго прычапіцца і складае акт.

Пасьля складаньня акту супрацоўнік АБЭЗ і кажа ёй: «Буду хадзіць кожны дзень, правяраць, калі не перасьпіш са мной!» У жанчыны сківіца адвісла, што рабіць? Яна падышла да суседняй палаткі, там гандлюе ўдава, ёй гадоў за сорак, і распавядае, маўляў, так і так. Тая раіць: «Калі ён такі сэксуальна заклапочаны, няхай да мяне падыдзе, я зь ім разьбяруся, а не — ідзі паскардзіся на яго». Пайшла яна да яго начальніка, той выслухаў, пасьмяяўся, гаворыць: «Я разьбяруся». Як ён разьбіраўся, невядома, але супрацоўнік гэты працягвае хадзіць па рынку, нібыта нічога і не было, і такія заявы робіць іншым маладым прадаўшчыцам!

 

Эпізод чацьверты.

Адзін з супрацоўнікаў шматлікіх кантрольных ведамстваў вырашыў паправіць сваё фінансавае становішча. Прыходзіць ён на рынак і пачынае шукаць «ахвяру», лавіць прадаўцоў на далярах, ды і пасьведчаньне пры сабе мае. І вось нарэшце злавіў! «Ахвяра» разумее, што за гэта штраф вялізны, тым і карыстаецца супрацоўнік, ён кажа: «Ну што ж, зробім табе падарунак да Новага году, гані 20 даляраў і ўсё!» Аддаў прадавец яму 20 даляраў і стаіць «шчасьлівы», бо «падарунак» атрымаў, і ад каго!

Усе гэтыя эпізоды ўзяты з жыцьця прадпрымальнікаў.

Так што яшчэ раз: «Асьцярожна, бандыты!»

Сяргей Рукамойнікаў, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0